
Гэта кніга пра нараўлянскі палац — стары дом на беразе Прыпяці, напоўнены любоўю, фартэпіяннай музыкай і сямейнымі сакрэтамі. Гэта літаратурнае даследаванне, у якім біяграфія палаца пераплятаецца з маёй асабістай гісторыяй. Таксама гэта аповед пра людзей, якія называлі палац сваім домам, і пра эпохі, што праносіліся за яго вокнамі.
Кніга спалучае элементы рэалізму і магічнага рэалізму. У ёй бронзавыя львы прагульваюцца па парку, а людзі з партрэтаў — па калідорах. Заходзячы ў дом, будзьце гатовыя: гаспадар у любы момант можа вярнуцца з вечнасці, каб адказаць на тэлефонны званок.
У кнізе шмат старых і сучасных фотаздымкаў, што дазваляе акунуцца ў атмасферу палаца, вандраваць па яго пакоях і наваколлі. Цвёрдая вокладка надзейна захоўвае змест кнігі і надае пачуццё грунтоўнасці. Унутры — шчыльная крэйдаваная папера крэмавага колеру, прыемная для вачэй і на дотык.
Мне б хацелася, каб, разгарнуўшы кнігу, вы пачулі тое ж, што і я, калі ўпершыню пазнаёміўся з нараўлянскім палацам: ціхі покліч, запрашэнне затрымацца і адчуць сябе дома.
Прыемнага чытання!
Андрэй Горват