
Гэта кніга пра нараўлянскі палац — стары дом на беразе Прыпяці, напоўнены любоўю, фартэпіяннай музыкай і сямейнымі сакрэтамі. Гэта літаратурнае даследаванне, у якім біяграфія палаца пераплятаецца з маёй асабістай гісторыяй. Таксама гэта аповед пра людзей, якія называлі палац сваім домам, і пра эпохі, што праносіліся за яго вокнамі.
Кніга спалучае элементы рэалізму і магічнага рэалізму. Заходзячы ў дом, будзьце гатовыя сустрэць у ім людзей з партрэтаў: яны будуць прагульвацца па калідорах, а Эдвард Горват, гаспадар дому, у любы момант можа вярнуцца з вечнасці, каб адказаць на тэлефонны званок.
У кнізе шмат гістарычных і сучасных фотаздымкаў, што дазваляе акунуцца ў атмасферу палаца, вандраваць па яго пакоях і наваколлі. Цвёрдая вокладка надзейна захоўвае змест кнігі і надае пачуццё грунтоўнасці. Дызайн вокладкі стрыманы: тут няма лішняга — толькі чысціня ліній, спакой і кот. Унутры — шчыльная крэйдаваная папера крэмавага колеру, прыемная для вачэй і на дотык. Колер старонак падабраны такім чынам, каб ствараць атмасферу цёплага дакументу — як старая любімая кніга, якую хочацца захоўваць і да якой хочацца вяртацца.
Я буду рады, калі, разгарнуўшы кнігу, вы пачуеце тое ж, што і я, калі ўпершыню пазнаёміўся з нараўлянскім палацам: ціхі покліч, запрашэнне затрымацца і пабыць дома.
Прыемнага чытання!
Андрэй Горват